Главная » 2013 » Декабрь » 7 » Яны завуцца новакрупчане
10:52:19
Яны завуцца новакрупчане


Калі пра аддаленыя вёскі раёна некаторыя з крупчан нават і не чулі, то Новую Крупку ведаюць многія. Бо размясцілася яна непадалёк ад шашы ля самага раённага цэнтра і здаецца непадзельнай з горадам. Між іншым, Новая Крупка як была, так і застаецца вёскай і ўваходзіць у склад Крупскага сельсавета, хаця і сапраўды дамы ў самым яе пачатку ўжо зліліся з гарадскім мікрараёнам. Менавіта гэтыя сядзібы адносяцца да горада, адлік жа вясковых пачынаецца крыху далей і абазначаны дарожным указальнікам. На кожным доме – нумар, і іх – 54.
Усе дамы дабротныя, прыгожыя. Нават тыя, што, як кажуць, стаяць тут спакон вякоў, выглядаюць молада і сучасна. Нежылых на гэты час толькі 5. Як бачым, блізкасць райцэнтра не дае апусцець сядзібам. Тут застаюцца дзеці ранейшых жыхароў, прыязджаюць на месцажыхарства новыя сем’і. Адным словам, жыццё ў вёсцы бурліць, а новакрупчане ў асноўным, працуюць у горадзе Крупкі. Па дадзеных сельсавета, тут пражываюць 109 жыхароў, у тым ліку 28 пенсіянераў, з іх больш дзесяці – старажылы.

Мы наведалі Аляксандра Іванавіча Кульгавага, дом якога знаходзіцца на самым краі вёскі. 84-гадовы гаспадар ахвотна згадзіўся з намі пагутарыць аб мінулым і сённяшнім жыцці-быцці. Ужо тры гады, як Аляксандр Іванавіч жыве адзін. Яшчэ на сваіх нагах, сам даглядае сябе і сваю сядзібу. Як сказаў нам, пакуль можа рухацца, навошта турбаваць сацыяльныя службы. Часта прыязджае адведаць сын – падпалкоўнік у запасе, з унукамі з Растоўскай вобласці.
Якой жа была Новая Крупка да вайны? Па словах Аляксандра Іванавіча – шумная, вясёлая, працавітая, і тады ў ёй было 49 двароў і каля 120 жыхароў. У 30-я гады быў ствараны калгас імя Крупскай, старшынёй якога доўгі час быў Канстанцін Мельнік.
– Вакол вёскі на многія гектары раскінуліся калгасныя палі, а, лічы, насупраць нас, праз дарогу, знаходзілася мястэчка Крупкі з больш развітым укладам жыцця, – расказваў А.І. Кульгавы. – Мы, малыя, хадзілі туды ў школу. Да вайны я скончыў 4 класы і болей вучыцца не прыйшлося, бо трэба было працаваць, каб было за што жыць. Добра што бацька вярнуўся з фронту жывым і здаровым.

Як толькі гаворка зайшла пра вайну, вочы Аляксандра Іванавіча павільгатнелі і ён сказаў, што гэтыя гады ўспамінаюцца часцей за ўсё. Помніць, як пры адступленні нашы салдаты падарвалі абодва масты ля Крупак; як у раёне пладова-гародніннага завода была вялікая колькасць танкаў і бронемашын; як падчас тых баёў, ды і пры вызваленні Крупак, іх сям’я ўцякала да радні ў в. Ляды. Страшна было, калі ў 1942 годзе поўнасцю выгарэў адзін бок вёскі і іх дом, жыхары туліліся ў родзічаў, суседзяў, а то ішлі ў Крупкі, дзе заставаліся пустыя яўрэйскія хаты. Помніць, як у 1944 годзе немцы прыходзілі да іх у хату і, як яны не хаваліся, яго і сястру забралі для адпраўкі ў Германію. Але Аляксандру пашанцавала – не прайшоў "медагляд”, бо з маленства была пашкоджана рука, а вось старшая сястра трапіла ў Нямеччыну і толькі ў канцы 1945 года вярнулася дадому. Пасля вайны Аляксандр Іванавіч разам з бацькамі працаваў у сваім калгасе, які потым увайшоў у склад калгаса "Перамога”, а пазней – імя Леніна… Але асноўную частку свайго жыцця – 47 гадоў – ён адпрацаваў электраманцёрам раённага вузла сувязі. І няма такой вёскі, такога тэлеграфнага слупа, дзе б не пабывала яго нага.
А вось Антаніна Фёдараўна Ляшкова (у дзявоцтве Кульгавая) аж да самай пенсіі працавала паляводам ў родным калгасе і ў сваёй вёсцы і расказвала, як тут у тыя далёкія гады вельмі радзіла бульба сорту "тэмп”, ды і іншыя культуры. Гаваркая, з пачуццём гумару, яна цікава распавядала аб розных эпізодах са свайго жыцця і жыцця аднавяскоўцаў.
– Нарадзілася я ў 1931 годзе і ваенныя гады добра адклаліся ў памяці, – гаварыла Антаніна Фёдараўна. – Нашы аднавяскоўцы Дзмітрый і Васіль Кажамякі да вайны працавалі на Ухвальшчыне, а падчас яе вярнуліся ў вёску, бо там, у партызанскай зоне, было вельмі страшна жыць, а ў Дзмітрыя была жонка і дзіця малое, ды яшчэ і другое намячалася. Ды толькі нядоўга прыйшлося ім пажыць на радзіме. Хтосьці данёс немцам, што яны ў Сакале былі звязаны з партызанамі і падтрымліваюць сувязь, і іх абодвух забралі ў крупскую турму. Там іх так білі і катавалі, што Васіль прызнаўся ў тым, чаго не было. Яго потым адправілі ў Германію, а Дзмітрыя разам з іншымі арыштантамі жывым спалілі ў вёсцы Новае Жыццё. Наогул, з вайны ў вёску не вярнулася 14 чалавек. Пасля людзі адбудоўвалі згарэўшыя хаты, мужчын было мала, і жанчыны зімой запрагалі коней і на санках-падкатках цягнулі дадому лес, а зрубіць зруб наймалі людзей з Ухвальшчыны.

А што весела было, дык весела! Устрайвалі вечарынкі на даму і хадзілі ў Крупкі ў калгасную канцылярыю, што размяшчалася па вуліцы Ленінскай. Бывала, пачуеш гукі гармоніка здалёк, гэта значыць, з Вялікай Слабады моладзь ідзе на вечарынку. А песні якія мілагучныя спявалі, і цяпер, як пачую іх па радыё, дык не ўтрымаю слёз. Гулялі аж да раніцы, нікога не баяліся, а калі хто каму і прыглянуўся, то пачуцці былі чыстыя, сур’ёзныя. Цяпер, на жаль, моладзь не такая. А якія былі ўсе працавітыя! У нас размяшчаліся жывёлагадоўчая ферма і канюшня. Сена касілі ўручную, сушылі і вазілі аж са Слоўчы, з Прудка.
Па словах Антаніны Фёдараўны, вёска тут утварылася ў пачатку 19-га стагоддзя. Бо ўжо ў 1894 годзе тут нарадзіўся яе бацька, а дзед са сваімі шасцю братамі пераехаў сюды аж з-пад Халопеніч яшчэ раней. Тут больш пераважалі такія прозвішчы як Кажамяка, Кульгавы, Асташка. Потым прыбавіліся Барадачы, Карповічы, Ляшковы, Ігнатовічы і інш. Многім хацелася знайсці новае жыццё ў Новай Крупцы ля райцэнтра.
Па словах старажылаў, вялікіх знакамітасцяў з іх вёскі не выйшла, але ганарыцца ёсць кім. Напрыклад, сын Еўдакіі Пятроўны Кульгавай– прадпрымальнік, мае сетку магазінаў па рэспубліцы. Вельмі паважлівы да аднавяскоўцаў чалавек, шануе сваю вёску і бацькаўшчыну. Добра адклікаюцца аб сыну Аляксандра Іванавіча Кульгавага, падпалкоўніку, аб дочках Антаніны Фёдараўны Ляшковай і іншых працавітых і граматных выхадцаў з іх сяла.
Як мы ўжо казалі, у параўнанні з іншымі аддаленымі вёскамі жыццё ў Новай Крупцы віруе. Шмат тут уласных аўтамабіляў, іншай тэхнікі. Шырокая вуліца добраўпарадкавана. Хто хацеў і мог, правялі сабе газ і ваду, заасфальтавалі двары. У дамах – тэлефоны, камп’ютары, сучасныя бытавыя прыборы. Толькі вось у вёсцы ніколі не было магазіна. Хадзіла аўталаўка, ды і тую гады тры назад знялі з маршруту. Бліжэйшыя магазіны – на вуліцы Палявой горада, ды не кожны састарэлы туды дойдзе, асабліва з канца вёскі. Таму і выказвалі яны просьбу адрадзіць дастаўку прадуктаў аўталаўкай хаця б раз у тыдзень.
Таццяна ДУДКО.
Фота Аляксандра БУДЗЬКО.
Категория: Новости города Крупки | Просмотров: 1267 | Добавил: Andrew | Рейтинг: 2.0/4


Всего комментариев: 0
avatar
Мы в соцсетях
Наши друзья
Первый Каталог - Предложения продавцов, каталог цен Belarus .:. Города Беларуси
Яндекс.Метрика